ЗЯЛЁНЫ ЛУГ,

жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.Богін, А.Воўк, Ю.Грыгор’еў, І.Грышчынскі, Л.Кліцунова, П.Кракалёў, Н.Краўкова, Э.Левіна, С.Мусінскі, І.Сітнікава, Л.Сакалова, А.Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.

Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)